Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Да Сусветнага дня тэатра

Дата: 26 марта 2021 в 21:49
144 просмотра

Штогод 27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра. Гэтае свята было ўстаноўлена Міжнародным інстытутам тэатра і ўпершыню адзначалася 27 сакавіка 1962 года ў дзень адкрыцця сезона Тэатра Нацый у Парыжы, дзе прагучала пасланне французскага пісьменніка і мастака Жана Както. З таго часу Дзень тэатра адзначаецца па ўсім свеце і традыцыйна праходзіць пад дэвізам: «Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі».

Задачы Сусветнага дня тэатра такія: распаўсюджваць мастацтва па ўсім свеце; тлумачыць каштоўнасць мастацтва; садзейнічаць танцавальным і тэатральным супольнасцям у развіцці іх творчасці, каб прыцягнуць грамадскасць да разумення гэтых формаў мастацтва і іх падтрымкі; атрымліваць задавальненне ад мастацтва.

Першыя згадкі пра тэатральныя пастаноўкі датуюцца 2500 годам да н. э. Першыя вядомыя тэатральныя пастаноўкі праходзілі ў Егіпце і былі прысвечаны гісторыі бога Асірыса. Разнастайныя формы відовішчаў са сцэнічнай тэхнікай існавалі ў Старажытнай Грэцыі, Індыі, Кітаі, Японіі і іншых краінах. У сярэднявеччы носьбітамі тэатральнай творчасці былі вандроўныя акцёры. Са старажытных часоў вядомы тэатр лялек.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных святах, абрадах, рытуалах, гульнях.

З даўніх часоў княскія і баярскія піры ажыўляліся прысутнасцю скамарохаў, асабліва піры вясельныя. Але выступалі скамарохі і на вуліцах, плошчах, на палях. З ХVІ ст. вядомы беларускі народны тэатр батлейка. Падобныя тыпы тэатраў існавалі і існуюць ва Украіне (вяртэп), у Расіі (тэатр Пятрушкі), Польшчы (шопка). У розных варыянтах батлейка была вядома па ўсёй Беларусі. Батлеечнікі, якіх на Гарадзеншчыне называлі ралёшнікамі, а на Магілёўшчыне – кукольнікамі, вадзілі лялек па проразях паверхаў двух’яруснай скрынкі. Тэатральныя пастаноўкі адбываліся часцей на вуліцах гарадоў, мястэчак, а таксама ў месцах збору людзей (шынок, карчма, вялікая хата) на святы. Падчас батлеечных пастановак ігралі на скрыпцы ці білі ў бубен. Часцей разыгрываліся сцэнкі з адвольнай інтэрпрэтацыяй жыцця Хрыста («Цар Ірад», «Цар Максіміліян»), а таксама бытавыя замалёўкі пра Дзеда, Бабу, Селяніна, Цыгана, Франта, Салдата, Доктара і інш. («Мужык і доктар», «Вольскі – купец польскі», «Франт і паненка» і інш.).

Унікальнай з’явай беларускай культуры з’яўляюцца так званыя «прыгонны тэатр», у якім акцёрамі былі прыгонныя сяляне, і «школьны тэатр» пры духоўных навучальных установах. З ХVІІІ ст. атрымалі распаўсюджанне прыватныя гарадскія і маёнткавыя тэатры (Шклоўскі тэатр Зорыча, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, тэатры ў Магілёве, Слуцку, Слоніме. Першыя спробы стварэння беларускай прафесійнай драматургіі і нацыянальнага тэатра адносяцца да ХІХ ст.

У пачатку ХХ ст. былі шырока распаўсюджаны так званыя «беларускія вечарынкі», якія садзейнічалі ўзнікненню прафесійнага беларускага тэатра – Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Вялікі ўнёсак у развіццё прафесійнага беларускага тэатра ўнеслі арганізаванае ў 1917 годзе Першае беларускае таварыства драмы і камедыі і створаны ў 1920 годзе Беларускі дзяржаўны тэатр.

З нагоды святкавання Сусветнага дня тэатра нацыянальны тэлеканал «Беларусь 3» падрыхтаваў падборку тэлеверсій актуальных беларускіх спектакляў і пазнавальных апавяданняў пра тэатральнае асяроддзе.

З 22 сакавіка гледачам прапануюцца спектаклі «Рамеа і Джульета», «Багема», «Анастасія» і «Стварэнне свету» Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, «Соф’я Гальшанская» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, «Хто смяецца апошнім» Тэатра-студзіі кінаакцёра і інш.

Таксама гледачы змогуць убачыць шэраг выпускаў уласных праектаў тэлеканала «Беларусь 3». Гэта «Камертон» з удзелам акцёра Дзмітрыя Пусцільніка, успаміны пра рэжысёра Барыса Луцэнку ў праекце «Люблю і памятаю», інтэрв’ю з Анастасіяй Масквіной і Антонам Заянчкоўскім у праграме «Кадры жыцця», цікавую гутарку пра сучаснае культурнае жыццё з артыстам і рэжысёрам Віктарам Скарабагатавым у «Суразмоўцах».

Сусветны дзень тэатра не мае ў Беларусі афіцыйнага дзяржаўнага статусу, але ў гэты дзень хочацца павіншаваць усіх работнікаў тэатраў і пажадаць творчых поспехаў і новых адкрыццяў!

НІА

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.