Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…» (да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча)

Дата: 9 декабря 2021 в 15:20
524 просмотра

Максім Багдановіч… Гэтае імя згадвае першым ледзь не кожны, калі называе сваіх любімых беларускіх паэтаў. Ураджэнец Мінска, ён амаль усё сваё жыццё правёў за межамі Беларусі – у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, завяршыў зямны шлях у 25-гадовым узросце ў Ялце, выдаў толькі адзін зборнік вершаў – знакаміты «Вянок», аднак здолеў стаць адным з найбольш яркіх дзеячаў шматвяковай беларускай культуры і класікам нашай літаратуры.

Яго творчасць – гэта знітаванне беларускіх нацыянальных пачаткаў і агульнаеўрапейскіх традыцый. Лірычны герой яго вершаў – надзвычай прыцягальная асоба для чытачоў, бо гэта дапытлівы і мужны чалавек, шукальнік гарманічных, прыгожых пачаткаў жыцця, сувязей з гісторыяй свайго краю і гісторыяй усяго чалавецтва, які прагне спазнаць быццё ва ўсіх яго праявах.

Максім Багдановіч – аўтар найзнакаміцейшых «Зоркі Венеры» і «Слуцкіх ткачых». Ёсць у яго творчай спадчыне і менш вядомыя, але не менш вытанчаныя зместам і формай вершы. Давайце перагорнем некаторыя старонкі паэзіі Максіма-Кніжніка і спатолім душу прыгажосцю.

***
Жывеш не вечна, чалавек, –
Перажыві ж у момант век!

Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло!

Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.

І ў напружэнні паўнаты
Свайго шырокага жыцця
Без болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцця. 

***
Маладыя гады,
Маладыя жаданні!
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасце кахання! 

Помніш толькі красу,
Мілы тварык дзявочы,
Залатую касу,
Сіняватыя вочы! 

Цёмны сад-вінаград,
Цвет бяленькі вішнёвы, –
І агністы пагляд,
І гарачыя словы! 

Будзь жа, век малады,
Поўны светлымі днямі!
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі! 

***
Учора шчасце толькі глянула нясмела, –
I развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум. 

Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.
Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць? 

***
Вечар на захадзе ў попеле тушыць
Кучу чырвоных кавалкаў вугля;
Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,
Не скалыхнуцца ні траўкай паля;
Цёмныя цені даўжэй у лагчыне,
Птушкі прыстаўшай марудней палёт;
Сумна плыве маладзік бледна-сіні
Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд;
Іскрацца зорак сняжынкі маркотна,
Збожжа пакрылася шызай расой...
Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,
Хоць бы на момант спачынем душой! 

***
Кніга

Псалтыр, пакрытую няжорсткай, бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў. 

Вось псальма слічная. «Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я».
Як вее свежасцю яе краса жывая!
Як радасна далей спяшыць душа мая! 

І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,
Што «кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон,
Дзеля душы спісаў у месце Ваўкавыску
У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён». 

***
Тэрцыны

Ёсць чары у забытым, старадаўным;
Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць
Пажыць мінулым – гэткім мудрым, слаўным, –

Мы любім час далёкі ўспамянуць.
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць. 

Таму вярнуўся я к рандо, санетам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым светам, –
Так вершы ззяюць даўняю красой! 

***
Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;
Твая пара, зімовая нуда!
Цяпер няма ўжо руху ні сляда,
I нават зверху слоем снег лажыцца.
Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца
Магутная, жывучая вада.
Чакай! Яе йшчэ прыдзе чарада!
Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца. 

Прыклаў я гэты сімвал да сябе,
Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,
I разгадаў прыроды роднай словы.
Як — прамаўчу, бо кожны з вас — паэт.
Рассейце ж самі лёгкі змрок прамовы,
Сваей душы туды пралліце свет! 

***
Трыялет

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы. 

***
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»

НIA

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.