Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Паэт краіны маленства (да 80-годдзя Міколы Чарняўскага)

Дата: 23 января 2023 в 09:34
91 просмотр

З 12 студзеня па 15 лютага 2023 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў зале беларускай літаратуры праходзіць юбілейная выстава «Паэт краіны маленства», прысвечаная 80-годдзю беларускага дзіцячага паэта і пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, выдатніка народнай асветы, выдатніка друку Беларусі Міколы Чарняўскага.

Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі – лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра (1995), Васіля Віткі (2002), «Залаты Купідон» (2010), а таксама прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2001). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».

Да дзіцячай аўдыторыі Мікола Чарняўскі звярнуўся яшчэ на пачатку сваёй журналісцкай дзейнасці і застаецца верным ёй па сённяшні дзень. Ён працаваў у рэдакцыях перыядычных выданняў для дзяцей – газеце «Піянер Беларусі», часопісах «Бярозка» і «Вясёлка».

За 60 гадоў яго пісьменніцкай працы выдадзены не адзін дзясятак кніг, у тым ліку звыш 30 для дзяцей. На іх старонках – россып вясёлых, займальных і пазнавальных вершаў, паэм, казак, шарад, скорагаворак, загадак, лічылак, калыханак – амаль увесь жанравы арсенал дзіцячай паэзіі. Творы пісьменніка абуджаюць у дзяцей спачуванне, сумленнасць, дабрыню, любоў да роднага краю, садзейнічаюць фарміраванню эстэтычнага густу. Мікола Чарняўскі адрасаваў падлеткам шэраг празаічных твораў – аповесцей і апавяданняў, дарослым – кнігі гумару і сатыры, эсэ, якія захапляюць фантастычнасцю, шчырасцю, чароўным гучаннем беларускага слова.

На юбілейнай выставе экспануюцца кнігі Міколы Чарняўскага для дзяцей і падлеткаў «З думкай пра Беларусь, альбо Ёсць дзіва, адвечнае дзіва», «На каго сварыўся гром», «Хто пакрыўдзіў кракадзіла?», «Загадкавыя словы беларускай мовы», «Дзе лета канчаецца», «Босая кавалерыя», «Жыў на свеце дзядзька Тыдзень…» і інш.; калектыўныя зборнікі, у якія ўключаны яго творы «Я зямлю беларускую люблю», «Я помню ўсё…», «Залацінкі» і інш. Прадстаўлены таксама кнігі вершаў, сатыры і гумару для дарослых – «На плошчы памяці маёй», «Дажынкі», «Гарэм на балконе», «Прызба, альбо Смяяцца – не плакаць»; літаратурных партрэтаў – «На парозе дабрыні і болю»; эсэ і ўспамінаў – «Свая ёсць песня...»; часопісы з публікацыямі пісьменніка; выданні з яго прадмовамі, творамі ў яго літаратурнай апрацоўцы, матэрыяламі аб яго творчай працы, біяграфічнымі звесткамі.

Крыніца: сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.